top of page

Гісторыя Суботнік

1.jpg
2.jpg

(паводле кнігі Казіміра Нехвядовіча "Мае Суботнікі".

Матэрыял кнігі даецца выбарачна.)

Соботнікі - так гаварылі перад вайной, або Суботнікі. Ці сапраўды так павінна называцца наша мястэчка? Назва па-беларуску ці па-польску азначае тое самае. Хаця само слова "суботнік" азначае свядома арганізаваная бясплатная праца на карысць грамадства ў выхадныя дні ў часы сацыялізму на постсавецкай прасторы.

Толькі якая назва ранейшая? Перад вайной існавалі Соботнікі, хаця  на ваеннай тапаграфічнай карце 1:100 з 1923 г. відаць Суботнікі. Ёсць яны таксама на карце Польшчы, аўтарам якой з'яўляецца італьянец Барталамеа Фолін. Аднак жа на карце Польшчы і Вялікага Каралеўства Літоўскага, якая паходзіць з 1613 г. аўтарства картографа Томаша Макоўскага, ёсць назва Соботнікі. Абедзве назвы з упэўненасцю можна прымяняць, не робячы памылкі.

Суботнікі знаходзяцца над рэчкай Гаўя ў перадваенным Лідскім павеце Навагрудскай вобласці на адлегласці 43 км на паўночны ўсход ад Ліды, 7 км ад сучаснай мяжы з Літвой. Паводле даўніх мер яны знаходзяцца за 14 вёрст ад Дзевянішак, 42 вярсты ад Ашмян, 84  вярсты ад Вільні. Суботнікі былі сядзібай гміны. І хаця яны не мелі гарадскіх правоў, аднак жыхары называлі іх мястэчкам. У іх знаходзіліся прыходскі касцёл, бальніца, аптэка, сямігадовая школа, млын, пякарня, бажніца, пошта, пост паліцыі, кааператыў, магазіны, рамесніцкія майстэрні. У мястэчку жыло польскае насельніцтва, некалькі дзесяткаў яўрэйскіх сем'яў і некалькі сямей, якія лічылі сябе беларусамі. Зараз Суботнікі таксама з'яўляюцца гмінай, належаць да Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці і знаходзяцца на тэрыторыі беларускай дзяржавы.

Мястэчка калісьці называлі Старымі Геранёнамі ў адрозненне ад недалёкіх Геранёнаў, якія мелі назву Мураваныя. У часы трэцяга падзелу Польшчы Суботнікі належылі да Ашмянскага раёна Віленскай губерніі. Магчыма, пад канец XIX ст. адбылася змена раёнаў. У ваеннай кніжачцы Міхаіла Тучкоўскага пад датай і месцам нараджэння запісана: 1892 г., Суботнікі Валожынскага раёна. Новы адміністрацыйны падзел і ўтварэнне Лідскага раёна адбыліся пасля таго, як Польшча зноў стала незалежнай і закончылася польска - бальшавіцкая вайна 1919 -1920 г.г. Цяжка акрэсліць пачатак асадніцтва на гэтай тэрыторыі. У 1983 г. Зянон Пазняк вёў раскопкі на Гродзеншчыне. У родных Суботніках знайшоў сляды, якія сведчылі, што на гэтай зямлі жылі ўжо напрыканцы XIV стагоддзя.

Больш за трыста год Суботнікі былі ўласнасцю Радзівілаў. У 1492 г. Зофія з Манвідаў Радзівіл запісала іх і Жупраны сваей  пляменніцы Эльжбеце Манвідаўне, дачцэ Вайцеха Манвіда. Пасля смерці ў 1565 г. Мікалая Радзівіла, званага Чорным, Суботнікі з Лебедзевым і Лаздунамі перайшлі ва ўласнасць Альбрыхта Радзівіла, першага ардыната ў Клецку. Ён перайшоў ў каталіцкую веру і быў названы Юстынянам Літоўскім, таму што меў дачыненне да заснавання Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. У 1573 г. ён аднавіў з дапамогай сваёй фундацыі касцёл Св. Юрыя і дзякуючы гэтаму чыну запісаў сваё імя ў гісторыю Суботнікаў. Касцёл існаваў яшчэ раней, але ў выніку рэлігійна-грамадскіх перамен, якія прынесла рэфармацыя, не меў пастыра. Альбрыхт Радзівіл накіраваў у касцёл ксяндза Высоцкага і павялічыў фундацыю. Касцёл атрымаў 20 валокаў зямлі, тры сады, тры карчмы ў мястэчку, дзесятую капу ўсякага дворскага збожжа, даніну з кожнай ворнай валокі падданых і магчымасць без абмежаванняў малоць у млынах. Таксама яму належала алтарыя Даўгялаўшчына за ракой Лынтупкай  фундацыі Рафала Даўгялы.

 

За 85 польскіх злотых, якія выплачваліся кожны год дваром, з 1687 г. у святыні адпраўлялася 35 разоў у год імша за супакой душы Ізабелы Радзівіл. За 5000 польскіх злотых адпраўлялася імша за душу Ядвігі Хаўлёвай, а за фундатараў кожны тыдзень чыталася імша. Касцёл меў філіял у Лаздунах, куды суботніцкі ксёндз ездзіў кожную трэцюю нядзелю. "Заклікаю судом божым - пісаў Радзівіл, - каб ніхто не смеў рушыць гэтай маёй фундацыі, бо інакш не пазбегне гневу і суда Божага, страшнага і суровага". На працягу цэлага стагоддзя Суботнікі былі ва ўласнасці клецкай лініі Радзівілаў. Па чарзе яго  спадарамі былі Альбрыхт, Ян Альбрыхт, Міхал Караль і Станіслаў Казімір. Гэты апошні памёр бяздзетным у 1690 г., і ўся яго маёмасць перайшла да канцлера Дамініка з нясвіжскай лініі. Ён у сваю чаргу адрокся ад уласнасці на карысць свайго брата Міхала Казіміра, віленскага кашталяна, ардыната ў Нясвіжы і Алыцы.

У 1712 г. Суботнікі былі аддадены пад заклад нясвіжскім дамініканцам. У 1747 г. іх выкупіў Міхаіл Радзівіл (званы "Рыбанька") і ў гэтым жа годзе заклаў за 68153 польскія злотыя Юрыю Абрамовічу, віленскаму гродскаму пісару. Праз пятнаццаць год сын "Рыбанькі" князь Караль Станіслаў (якога звалі "Пане Каханку") павялічыў суму закладу да 90653 польскіх злотых. У ваколіцы Суботнікаў тады знаходзіліся касцёл разам з маёмасцю, мястэчка (73 дамы) і вёскі Дабраўляны, Раманы, Таруці, Залессе, Нарбуты, Даўтаны, Рыбакі, Юхнаўшчызна, Баравікі, Лынтупы, Слесары, Кудэйшы, Канюхі. Разам 193 дамы.

27 ліпеня 1669 г. у Суботніках па дарозе ў Мінск затрымліваецца на адпачынак Ян Антоні Храпавіцкі, пазней ён адзначыў гэта ў сваіх дзённіках. Аўтар быў падкаморным смаленскім і камісарам для перамоў з Масквой. Быў ён таксама аўтарам андрушаўскага паразумення, вельмі важнага для польска - расійскіх адносін. Яно было заключана ў Андрушаве каля Смаленска ў 1667 г. пасля польска - расійскай вайны 1654 - 1667 г. У выніку яго Расія павінна была атрымаць на два гады смаленскую зямлю і Кіеў. На самой справе яна затрымала яе назаўсёды.

З 1747 па 1805 г.г. Суботнікі былі застаўлены Юрыю Абрамовічу з Варнян, якія яшчэ ў палове XVII стагоддзя называлі Касакоўшчынай або Сільвестраўшчынай. Ён быў віленскім падваяводам. Менавіта ў Суботніках ён паведаміў князю Каралю Радзівілу пра смерць яго бацькі  Міхала Казіміра. У 1755 г. суботніцкі касцёл быў рэстаўраваны, а каля 1774 г. Абрамовіч пабудаваў тут новую драўляную святыню. Гэта была пабудова з сасновага дрэва на мураванай аснове падоўжанай формы з дзвюмя вежамі ад фронту, з пляскатым паддахам, які быў роўным з дахам. Святыня мела  выгляд трохкутніка, які абапіраўся на два квадратныя слупы. Над прэзбітэрыем (частка касцёла, у якой знаходзіцца галоўны алтар) быў маленькі купал, завершаны жалезным крыжам і пакрыты белай бляхай. На вежах  былі жалезныя крыжы сярэдняй велічыні. Касцёл быў пасвенчаны пад імем Св. Юрыя Мучаніка. Да яго сцяны, насупраць закрыстыі, каля вялікага алтара была дабудавана капліца з цэглы даўжынёю восем локцяў (1 локаць - 474 мм) і шырынёй шэсць з магільным скляпеннем для сям'і Умястоўскіх. Пабудаваная за іх кошт, яна была пакрыта гонтамі з маленькім жалезным крыжам уверсе.

Каля касцёла знаходзілася званіца з дрэва на два званы, якая была пакрыта гонтай і закончана маленькім жалезным крыжыкам. Вакол касцёла былі ў вельмі дрэнным стане чатыры драўляныя каплічкі з дошак, у якіх знаходзіўся крыж з пасійкай. Прыкасцельныя магілкі былі агароджаны штакетніам на падмуроўцы з абодвух бакоў, якія зусім разваліліся. Яны знаходзіліся пад лесам за вярсту ад мястэчка і за рэчкай Гаўя. На магілках была капліца, збудаваная ў 1842 г. з сасновага дрэва на падмуроўцы, падоўжанай формы з франтонам на невялічкіх калонах. Яна мела ў даўжыню 15 локцяў і ў шырыню 10. Дах быў пакрыты гонтай, з малой вежай, на якой была змешчана сыгнатурка (малы касцельны звон), завершаная драўляным, абітым белай бляхай крыжам. У капліцы знаходзіліся два абразы. У вёсцы Лаздуны знаходзіўся філіял суботніцкага касцёла, утвораны па загаду сінода ў 1744 г. пры біскупу Міхаілу Зянковічу. У даўнім касцёле знаходзіўся алтар, які быў зроблены з дрэва, памаляваны ў белы колер і ўпрыгожаны пяццю фігурамі. У ім быў змешчаны абраз Маткі Божай Ласкавай з дзіцем на руках у срэбнай сукенцы і пазалочаных каронах. Усё гэта было ўпрыгожана жамчужынамі, рубінамі і брыльянтамі. Абраз быў невялікіх памераў, намаляваны на меднай пласціне ў срэбнай рамцы і слыў цудатворным. Ён захаваўся да сёняшняга дня. Вельмі цікавым быў так званы будынак шпітальны, збудаваны з цесанага сасновага дрэва без падмуроўкі, пакрыты саломай, пастаўлены непадалёку ад званіцы. У адной з дзвюх хат жыў арганіст, а ў другой бедныя людзі, якіх утрымоўвалі на грошы вернікаў. Пры касцёле існавала брацтва ружанца, якое мела шматгадовыя традыцыі. Яго члены прымалі добраахвотны абавязак спявання ружанца ва ўрачыстыя дні, удзел ў працэсіях са святым сакрамантам з запаленымі свечкамі, у служэнні пры ўсіх урачыстасцях і касцельных абрадах.

Суботніцкая парафія расцягвалася на тры мілі, а ў шырыню на 1,5 мілі. На ўсходзе гранічыла з трабскай парафіяй, на поўдні з іўеўскай і ліпнішскай, на захадзе з геранёнскай, а на поўначы з дзявенішскай. Гэтак жа гранічыць і зараз. Пасля смерці Юрыя Абрамовіча, а затым яго жонкі Марыянны з Дзерналовічаў, якая памерла ў 1805 г., Міхаіл Залескі, які дзейнічаў як упаўнаважаны князя Міхаіла Радзівіла, прадаў Суботнікі Якубу Умястоўскаму за суму 38000 чырвоных залатых, а той сплаціў суму закладу Абрамовічам.

bottom of page