top of page

Гэта было вялікім дасягненнем. Пасля народных паўстанняў  ў 1830 і 1863 годзе царскія ўлады прыступілі да рашучай барацьбы з каталіцкім і ўніяцкім касцёлам. Была знішчана большасць ордэнаў, касцёлы замыкалі або змянялі ў цэрквы. Была рэпрэсіравана польская шляхта, традыцыйная апякунка Касцёла; яе высылалі ў Сібір і канфіскавалі маёмасць. Зямля гэта магла быць куплена толькі праваслаўнымі рускімі. Нельга было будаваць і рамантаваць касцёлы, нават паставіць пры дарозе крыж. Сітуацыя пачала папраўляцца толькі ў пачатку XX стагодзя, а вырашальнай датай быў 1905 год. Паражэнне Расіі ў вайне з Японіяй, рэвалюцыя ў імперыі прымусілі цара выдаць больш ліберальныя  ўказы. Было дазволена будаваць каталіцкія святыні, рабіць крыжы. Пачалі паўставаць прыгожыя неагатыцкія касцёлы, якія будаваліся на плане лацінскага крыжа і суадносіліся з заходняй культурай, а ў сваёй архітэктуры выразна супрацьставіліся цэрквам. Будаўнікі новых святынь вельмі добра разумелі, што іх будовы нельга будзе лёгка перарабіць у цэрквы. У гэты ж перыяд былі пабудаваны і іншыя касцёлы з падобнай структурай у Белагрудзе, Каменцы, Лаздунах, Нестанішках, Вілейцы, Зельве. Будоўлю новага суботніцкага касцёла пачалі пры дапамозе мясцовага насельніцтва, але не абышлося без праблем.

Прыхажан было каля 6000, але калі трэба было звозіць камяні на фундамент з навакольных палёў, жадаючых знайшлооя няшмат. Цагельня ў Жамыслаўлі не магла выпрацоўваць цэглу ў неабходнай колькасці,  таму князь Уладзіслаў вырашыў купіць у Францыі машыны для вырабу цэглы і чарапіцы, якую называлі "марсылькамі". Цэглу пачалі вырабляць у Дабраўлянах. Пан Бузар, дзед Вікторыі Тучкоўскай з Рыбакоў, быў майстрам, які наглядаў за гэтай работай.

Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія часта прыязджалі на месца будоўлі, цікавіліся яе развіццём. Пры будоўлі шмат было клопатаў і цяжкасцей з боку ўлады і зайздросных людзей. Аднак князь Уладзіслаў, не звяртаючы ні на што ўвагі, працягваў працу, якая была скончана ў 1904 годзе. У тым самым годзе касцёл быу пасвенчаны. Падчас яго будоўлі разабралі стары касцёл і з яго элементаў пабудавалі капліцу на могілках у Суботніках. У ёй  адбываліся імшы, а пазней пахавальныя ўрачыстасці. Там жа былі труны з памерлымі з сям'і Умястоўскіх, якія пазней былі перанесены ў падзямелле новага касцёла. Пасля смерці князя Уладзіслава 16 студзеня 1905 г. заканчэннем працы ў касцёле занялася  жонка, княгіня Яніна з дому Астроруг-Садоўскіх. Новы суботніцкі касцёл быў запраектаваны Ул. Стыпулкоўскім у 1897 г.

 

 

 

 

 

Калі параўнаць праект з арыгіналам, можна заўважыць тое, што будынак павінен быць больш доўгі і шырокі. Хутчэй за ўсе ўлады не згадзіліся на гэта, і таму граф Уладзіслаў меў намер затрымаць будоўлю і разабраць ужо пабудаванае. Касцёл пабудаваны ў чыста гатыцкім стылі ў форме крыжа. У правым баку знаходзіцца закрыстыя, а ў левым ложа фундатараў. Над галоўным уваходам узвышаецца высокая вежа са званамі, якая заканчваецца вялікім крыжам з кутага жалеза. І хаця касцел знаходзіцца за чатыры кіламетры ад Жамыслаўля, але ў яснае надвор'е там чуваць суботніцкія званы, а з некаторых месцаў можна ўбачыць крыж. Святыня пабудавана з прыгожай чырвонай цэглы, а дах быў пакрыты марсыльскай чарапіцай. Над галоўным алтаром знаходзіцца невялікая вежа, пакрытая цынкавай бляхай, так, як галоўная вежа і ўсе выступы.

Вакол касцёла знаходзяцца могілкі, абгароджаныя высокім з польнага камення мурам, які быў зроблены ў 1885 г. на грошы прыхажанаў. У муры на роўнай адлегласці ёсць 6 маленькіх мураваных каплічак без акон і дзвярэй. Перад імі чытаюць Евангелле і моляцца падчас працэсіі Божага Цела. Унутры каплічак знаходзяцца карціны мясцовых мастакоў. Брама, якая вядзе да касцёла -  жалезная. з дзвюма брамкамі і чатырма цаглянымі слупамі. Яна была зроблена пры храме пасля будовы касцела.

 

Галоўны алтар зроблены з дубу, багата пазалочаны. Яго рабілі ў варшаўскіх майстэрнях св. Вайцеха. Палатно для алтара было выканана ў Баварыі. Гэта срэбрная масіўная табліца з фігурай св. Уладзіслава Венгерскага, узорам для якой была табліца з віленскай базылікі. Палатно важыць 10 кг. Папа Піус Х надаў гэтай іконе адпусты, якія да яе прывязаны. Па баках алтара стаяць фігуры св. Пятра і св. Паўла, угары знаходзіцца фігура Хрыстуса, сэрцы Езуса і Марыі, па баках - гербы заснавальнікаў. На алтары вісяць 54 срэбраныя воты. У левым нефе знаходзіцца меншы алтар, пастаўлены княгіняй Умястоўскай. Ён таксама выкананы ў гатыцкім стылі з прыгожай іконай Маткі Божай пэндзаля Мардасевіча. У дзень яе свята у Суботніках водпуст. Уверсе алтара знаходзіцца абраз Маткі Божай Міласэрнай, перанесены са старога касцёла. Княгіня Умястоўская ў 1913 г. дала грошы на выкананне станцый, якія ўпрыгожваюць сцены касцёла; яны выкананы з каменнай масы і пакрыты паліхромам, гэта вельмі прыгожая работа. Старыя станцыі ў выглядзе каляровых гравюр пад шклом у рамках былі перанесены у касцёл у Клявіцы, гэтак жа, як і старыя спавядальні. Унутры  касцёла ўздоўж сцен праходзіць высокая, у рост чалавека, масіўная панэль, у прэзбітэрыуме дубовая, а ў касцёле сасновая, зробленая пад дуб. Сцены памаляваны ў бледна-блакітны колер. Падлога ў касцёле цэментаваная, выкладзеная чорнымі і белымі плітамі.

 

 

Княгіня афяравала і на прыгожы дубовы амбон ў гатыцкім стылі з пазалотай і выразанымі імёнамі Езуса і Марыі, а таксама труной фундатараў. Пад амбонам знаходзяцца дзве масіўныя лаўкі з высокімі спінкамі, падобныя да стала. Яны зроблены з вялікай лаўкі Умястоўскіх са старога касцёла. Каля адной з іх стаіць харугва з выявай св. Уладзіслава. Ёсць яшчэ трэцяя сасновая лаўка, памаляваная ў жоўты колер, якая была ўласнасцю маршалка Казіміра Умястоўскага. Усе гэтыя лаўкі маюць надпіс, што належаць яны да Жамыслаўля. Яніна Умястоўская ахвяравала таксама для касцёла вялікі крыж з пазалочанай бронзы для галоўнага алтара, 10 вялікіх ліхтароў. Княгіня заплаціла за прыгожыя краткі з кутага жалеза вакол хрысцільні, за такія ж самыя, але падвоеныя, што дзеляць прэзбітэрыум на дзве часткі, каб вернікі не заходзілі за алтар. За хрысцільняй знаходзіцца ложа фундатараў з дзвума вялікімі гатыцкімі вокнамі, што выходзяць на галоўны алтар. 3 прасторнай і зручнай закрыстыі жалезныя вітыя прыступкі вядуць на паверх, дзе знаходзяцца касцельныя рэквізіты. На прасторных хорах знаходзяцца арганы, якія паходзяць са старога касцёла; яны былі ахвяраваны ў 1809 г. Якубам Умястоўскім і адрамантаваны ў 1895 г. Па просьбе Яніны Умястоўскай мастак - скульптар Отта з Варшавы выканаў помнік яе памёршага мужа. Помнік зроблены з келецкага мармуру, пліта з прозвішчам - бронзавая, над ёю партрэт маладога графа ў  ваенным мундзіры. Ён выкладзены каляровай мазаікай у майстэрні Сальвацці з Венецыі, вакол яго - прыгожая рамка з пазалочанай бронзы ад братоў Лапенскіх з Варшавы. Над рамкай размешчана стужка з дэвізам памёршага   і карона графа.

Партрэт падтрымліваюць дзве алегарычныя постаці з белага карарыйскага мармуру: адна з іх уяўляе Навуку, а другая Веру. Пад помнікам знаходзіцца невялікая табліца з надпісам: "Уладзіслаў князь Умястоўскі, маршалак троцкага павету, гаспадар Жамыслаўля, 13 сакавіка 1834 -16 студзеня 1905. Фундатар гэтага касцёла". Па правым і левым баках алтара знаходзяцца мармуровыя табліцы бацькі і маці фундатара, а на сцяне прэзбітэрыума, над уваходам да закрыстыі, знаходзяцца памятныя  табліцы другіх членаў сям'і, усе ахвяраваныя заснавальнікам. Сярод іншых, хто ахвяраваў для касцёла, быў князь Ігнацій Корвін-Мілеўскі з Геранёнаў, а таксама сям'я Бігоняў з вёскі Слесары, якая падаравала рызу для алтара. Падчас будовы касцёла былі зроблены два падзямеллі, у якіх пахавалі памерлых з бліжэйшай сям'і Умястоўскіх. Галоўнае падзямелле – гэта прыгожы катакомбавы маўзалей пад вялікім алтаром. Да яго вядуць вялікія масіўныя дзверы, абітыя цынкавай бляхай, якія, калі іх адчыніць, маюць па баках цынкавыя краты.

Яны засцерагаюць, каб не ўпасці ў падзямелле, калі дзверы адчынены. За імі ідуць шырокія каменныя сходы з  граніту, якія заканчваюцца ажурнымі дзвярамі з жалеза. Над дзвярамі бачны надпіс. Сцены карычневага колеру, а сцяна, у якой знаходзіцца так званы  калумбарыум, выкладзена чорным   гранітам. У гэтым месцы праца ажыццяўлася пры дапамозе шведскіх муляроў.

Скляпенне падзямелля было заказана ў Сальвацці. Яно ўяўляе сабой блакітную столь, усыпаную зоркамі, вакол  якіх бяжыць шлях у пазалочаныя і каляровыя арабескі. На галоўным луку скляпення знаходзяцца гербы Умястоўскіх (Рох III), Астрары-Садоўскіх (Наленч), Пэнхэжэўскіх (Бокій), графоў Раецкіх  (Лебедзь),  графоў з Латошына-Лятальскіх,  Межаеўскіх, Міконтаў-Нарвойшаў і Юдыцкіх. Падлога выкладзена чорнымі і шэрымі каменнымі плітамі. У цэнтры знаходзіцца  алтар у выглядзе стала з крыжамі з мясцовага польнага каменя. Па правым баку ў ніжнім радзе пакояцца астанкі маршалка Якуба Умястоўскага і яго жонкі Ганны, вышэй - суддзі  Умястоўскага і Альберта Умястоўскага. Паміж імі пахавана Канстанцыя Умястоўская, сястра князя Уладзіслава, якая памерла, калі не мела і годзіка. Па левым баку ў ніжнім радзе спачывае маршалак Казімір Умястоўскі і яго жонка Юзэфа, у верхнім- граф Уладзіслаў, а каля яго ёсць пустое месца для яго жонкі Яніны. У другім, меншым падзямеллі, якое знаходзіцца пад алтаром Маткі Божай Шкаплернай і не з’яўляецца такім прыгожым, як першае, спачываюць нашчадкі упраўляючага Антонія Умястоўскага: ён сам, яго праўнук і некалькі невялікіх трунаў, перанесеных з капліцы старога  касцёла.

У працы ў падзямеллі дапамагала таксама мясцовае насельніцтва, а сярод іх Томаш Пашкоўскі. Старыя жанчыны, якія былі тады маленькімі дзяўчынкамі, памятаюць шкло каляровай мазаікі, якім яны гуляліся. На могілках, што вакол касцёла, з левага боку знаходзяцца дзве магілы сям'і Янкоўскіх. У адным спачывае Францішак, харунжы польскіх войск, які памёр у 1798 г., а таксама яго жонка Мар'яна з Маслоўскіх, памерлая ў 1828 годзе. На другім помніку надпіс сцёрты. На правым баку ўзвышаўся Юбілейны Крыж, а крыху далей ёсць невялікі каменны помнік, які паказвае месца Калумбарыум: месца для труны і пахавання былога пробашча Юзэфа Мікемонаса. Брамка ў могілкавым муры вяла да саду плябаніі. Плябаніяй быў вялікі драўляны дом, крыты гонтай, на высокім фундаменце, выкладзеным дошкамі. Быў там невялікі шкляны ганак, сем пакояў, кухня ў прыбудове і памяшканне для службы. У садзе было 60 дрэў, а непадалёку знаходзіўся алешнік, у якім у 1908 г. было 200 дрэў. Былі таксама гаспадарчыя будынакі, драўляная лядоўня, мураваны склеп, крыты дошкамі, вяндзарня, месца на дровы, два гумны пад адным дахам, крытыя гонтай, стайня, невялікі хлеў, хлеў для быдла і адрына пад адным саломенным дахам. Касцельная служба мела драўляны дом, пакрыты чарапіцай (1918 г.), да якога прымыкалі два невялікія склады, хлявушок і адрынка пад агульным саламяным дахам. Паблізу была студня з мураваным зрубам. У 1908 г. суботніцкі пробашч ксёндз Юзэф Бародзіч быў высланы ў Рыбінск. У тым самым годзе дзекан з Вішнева ксёндз Нікадзім Тарасевіч рашэннем ад 8 кастрычніка прызначыў новым пробашчам ксяндза Тамаша Жаброўскага. Расійскімі ўладамі касцёл залічваўся да пятай катэгорыі. Яго інвентар на 15.04.1909 складаў 15 моргаў і 215 прутаў зямлі (лугі, ворная зямля, выганы "Вары", а таксама 9 моргаў ворнай зямлі каля вескі Даўгялаўшчына і лугі, званыя "Андрунішкі", каля Чэхаўцаў, размерам 23 дзесяціны. Суботніцкі пробашч меў ад расійскага ўраду 230 рублёў у год.

 1908 г. у парфіі жыло 3241 мужчын і 3290 жанчын. Адпусты адбываліся 23 красавіка ў дзень св. Юрыя, 27 чэрвеня ў дзень св. Уладзіслава і ў першую нядзелю кастрычніка ў дзень Маткі Божай Ружанцовай.     Новы інвентарызацыю касцёла зрабілі  2.06.1921 г. падчас візіту ксяндза біскупа з Вільні Юрыя Матулевіча. Між іншым ён змяшчае 26 кніг з метрыкамі нараджэння ад 1616 г. да 1903 г.,  шлюбных кніг ад 1625 да 1908 г., 8 кніг памёрлых ад 1796 да  1908 гг.  Але гэта інвентарызацыя, як і папярэдняя, вельмі недакладная.

Няма некаторых запісаных і ахвяраваных для касцёла рэчаў, іншыя не апісаны, але ёсць і такія, што апісаны вельмі падрабязна.

Падчас таго, як пробашчам быў кс. Вінцэнты Карбановіч, на арганах граў Юзэф Ракоўскі. Кс. Юзэф Коркуць пахаваны на прыхадскіх могілках, так як кс. Павел Багіньскі, кс. Мікелюнас спачывае каля касцёла. Жывуць яшчэ людзі, што памятаюць кс. Жаброўскага, які быў пры іх першым святым прычасці. Гэты ксёндз атрымаў парафію ў Вішневе каля Валожына, дзе таксама быў дзеканам. У 1939 г. пасля прыходу Саветаў ён быў арыштаваны і сасланы ў лагер. Там ён памёр у 1950 г. На месца ксяндза Жаброўскага прыйшоў ксёндз Павел Багіньскі. Яму дапамагаў вікарый кс. Апалінарый Александровіч і дзве ці тры сястры тэрціяркі, сярод якіх была сястра Яна і Станіслава Сянкевічаў. Арганістам быў Вацлаў Садоўскі.

І так мы ўжо знаходзімся ў трыццатых гадах. Касцёл, апрача сваёй звыклай дзейнасці, праводзіў таксама акцыі грамадска-асветніцкія, дзейнічаў пры іх змешаны хор, у якім з вялікай замілаванасцю спявала Міхаліна Канановіч- Качан . У прыходскім доме, які называлі народным, адбываліся сходы аб’яднання Каталіцкай Моладзі. Для дзяўчат арганізоўваліся трохі курсы кулінарыі і кройкі, дзе выкладалі прафесійныя інструктары.

Дзякуючы ім дзяўчыкі атрымоўвалі лепшую падрыхтоўку для выканання абавязкаў будучых жонак і матак. У гэтым жа доме адбываліся розныя імпрэзы на дзяржаўныя і каталіцкія ўрачыстасці. Напрыклад 3 Мая, Свята Мора, каляды, інсцэніроўкі. У выязным кіно можна было ўбачыць стужкі „Малады лес", „Абарона Чэнстахова", а для бедных дзяцей кс. Багіньскі набываў білеты. Адбываліся забавы з танцамі і сцэнкамі ў выкананні мясцовых дзяўчат. Актыўна ў мерапрыемствах удзельнічалі  Яніна  Багушэвіч, Станкевіч, Адальфіна Рамановіч і іншыя дзяўчаты.

У прыходскім доме можна было арганізаваць памінальны абед або іншую ўрачыстасць, толькі не гулянку. Сціплы даход ад гэтых мерапрыемстваў ішоў на дабрачынныя мэты, напрыклад на арганізацыю ёлкі для бедных дзяцей, у чым актыўна дапамагала між іншым Стэфанія Ярмаліньска, жонка мясцовага ўрача.

Пры касцёле дзейнічала брацтва святога ружанца, якое мае больш за стогадовую традыцыю. 3 Суботнік яго членамі былі Уладзіслава Багдзюль, Антоні Біль, Ян Біль, Браніслава Багушэвіч, Яніна Багушэвіч, Мечыслаў Багушэвіч, Баляслаў Чэйда, Ванда Чэйда, Адэля Ціха, Галіна Дабушыньска, Станіслаў Іваноўскі, Віктар Якевіч, Яніна Юхневіч, Альбіна Кучынская, Альфрэд Кавэцкі, Віктар Кавэцкі, Ян Міса, Юзэф Панасевіч, Гелена Ракса, Адальфіна Рамановіч, Міхаіл Тучкоўскі, Станіслаў Тучкоўскі, Вацлаў Тучкоўскі з Хілевіч, Ганна Нехвядовіч, Яніна Нехвядовіч, з Шаркуць Стэфан Грынюк, з Якункі Ганна Нехвядовіч.

Ружанцовая традыцыя існуе і зараз.

Гісторыя касцёла Святога Уладзіслава

Драўляны касцел Суботнікі.jpg
праект касцёла ў Суботніках.jpg
касцёл Суботнікі.jpg
Суботніцкі касцел, 2017г.jpg

Гісторыя касцёла на нашай зямлі налічвае больш за 400 гадоў. Апісанне плябаніі і збудаванняў каля яго датычыцца перадваеннага перыяду.

У 1809 г. жонка маршалка Ганна Умястоўская дабудавала да драўлянага касцёла мураваную капліцу, у якую былі пакладзены астанкі яе мужа Якуба. Нягледзячы на бязлітасны час, капліца трымалася добра, але стары касцёл трухлеў усё больш. Уладзіслаў Умястоўскі з таго часу, як стаў гаспадаром Жамыслаўля і Суботнік, прыкладаў усе намаганні, каб улады дазволілі яму пабудаваць новы мураваны касцёл. Урэшце расійскі ўрад даў сваю згоду, аднак з умовай, што святыня не будзе большая за папярэднюю.

драўляны Суботніцкі касцёл з капліцай ў якой пахаваны Якуб Умястоўскі

праект мураванага касцёла у Суботніках

Суботніцкі касцёл у пасляваенны перыяд

IMG_20200108_150057.jpg
малтарь.jpg

Вялікі (злева) і малы (зправа) алтары ў Суботніцкім касцёле

bottom of page